Home
entries friends calendar user info Афіцыйная старонка фэсту! Previous Previous
"Be Free!"
Міжнародны фэст рок-музыкі

Advertisement

Add to Memories
Tell a Friend
Трэці Be Free сабраў 20 тысяч беларусаў і украінцаў

Сёлета міжнародны музычны фестываль Be Free («Будзь свабодным!») даў магчымасць адчуць сябе вольнымі каля 20 000 аматараў року. Па звестках міліцыі і назіральнікаў менавіта столькі людзей наведала фэст за 2 дні.

Беларусаў не спынілі нават чэргі ў 2-3 кіламетры на ўкраінскай мяжы. Пляцоўкай трэцяга фестывалю пасля Луцка і Львова стаў Чарнігаў. На працягу двух дзён (22-23 жніўня) госці Be Free пачулі болей за 20 гуртоў з Беларусі, Украіны, Польшчы, Францыі – у тым ліку ULIS, Pomidor/OFF, LitvinTroll, Zero-85, Partyzone, Znich, B:N:, Vladivostok. Найбольшую колькасць людзей сабралi хэдлайнеры фэсту: беларускі гурт «Ляпис Трубецкой» і ўкраінскія «Воплі Відоплясова».

Арганізатарамі мерапрыемства традыцыйна выступілі “Беларуская музычная альтэрнатыва”, ініцыятыва “Студфармат” і “Еўрапейскае радыё для Беларусі”. Партнёрамі Be Free сталі беларуская грамадская кампанія “Будзьма” ды ўкраінскія Чарнігаўскі рок-клуб і Чарнігаўскі грамадскі камітэт абароны правоў чалавека. Патранат фэсту ажыццяўляла мэрыя гораду Чарнігава.

Україна застаецца месцам правядзення фестывалю ўжо трэці год запар. У роднай Беларусі, на жаль, арганізацыя опэн-эйра такога маштабу да гэтай пары патрабуе значна большай колькасці афіцыйных узгадненняў і матэрыяльных унёскаў, чым у суседняй дзяржаве. Аднак, у выніку такой акалічнасці, Be Free – гэта не толькі добрая музыка бескаштоўна, але і месца знаёмства для моладзі з розных краінаў, магчымасць даведацца болей пра гісторыю, культуру і сучаснасць гарадоў і мястэчак з-за блізкай мяжы.

Разам з музычнай часткай, сёлетні фестываль стаў пляцоўкай для маладзёвых адукацыйных і творчых акцый па правах чалавека, якія ладзілі Чарнігаўскі грамадскі камітэт абароны правоў чалавека, Беларускі Хельсінкскі камітэт, арганізацыя “Прававая ініцыятыва”,, нямецкая суполка “Культурактыў” з Дрэздэну, а таксама Беларуская арганізацыя працоўных жанчын. Можна было як павучыцца адстойваць свае правы, так і з дапамогай аркуша і каляровых фламастараў выявіць сваё бачанне прававой сітуацыі ў свеце. Сапраўдны ажыятаж выклікалі часовыя «татушкі» праваабарончай і фестывальнай тэматыкі, што наносілі ўсім ахвотнікам.

Віктар Тарасаў, Чарнігаўскі грамадскі камітэт абароны правоў чалавека:

– У межах дзейнасці нашай арганізацыі, у Чарнігаве ўжо не раз праводзіліся разнастайныя мерапрыемствы і акцыі для прадстаўнікоў грамадства і актывістаў з Беларусі. Таму наш удзел у фестывалі Be Free стаўся лагічным. Падчас фестывалю мы разам з беларускімі грамадскімі арганізацыямі “Беларускі Хельсінкскі камітэт” і “Прававая ініцыятыва” зладзілі трэнінгі, ролевыя гульні, выставы карыкатур, паказ відэаролікаў, конкурс малюнкаў, распаўсюд інфармацыйных буклетаў ды г.д. на тэму абароны правоў чалавека ў Беларусі і ва Украіне. Нашыя мерапрыемствы былі цікавымі не толькі для актывістаў грамадскіх арганізацый, але і для простых удзельнікаў фестывалю. Верагодна, што на будучым Be Free фармат акцый па праваабарончай тэматыцы будзе змяняцца і развівацца. Мы, як партнёры, гатовы прыняць у гэтым самы актыўны ўдзел.

Арганізатары Be Free намагаюцца стварыць як мага больш камфортныя умовы пражывання для гасцей фестывалю. Сёлета намётавае мястэчка з асвятленнем для публікі стала паблізу ад сцэны, кропкі харчавання былі размешчаныя па перыметру танцпляцоўкі. Апошнія, дарэчы, працавалі і за беларускія грошы. Сам фестываль размясціўся за 50 крокаў ад Дзісны, таму многія рызыкнулі апошні раз за гэтае лета акунуцца. На дзіва сонечнае надвор’е таму толькі спрыяла.

Музыкі на Be Free выклаліся на поўніцу. Прыемна здзівіў беларускіх аматараў року Алег Скрыпка, лідэр гурта “Воплі Відоплясова”, які спрабаваў размаўляць з публікай па-беларуску, а напрыканцы выступу ўзняў нацыянальныя сцягі Украіны і Беларусі. Некаторыя гурты прыехалі на Be Free, адмяніўшы свае выступы на беларускіх канцэртах, што прыпалі на той жа час. Гэта значыць, што Be Free становіцца ўсё больш важкай падзеяй у музычнай сферы. Вось што кажуць пра фестываль самі музыкі.

Сяргей Міхалок, гурт “Ляпіс Трубяцкой”:

– Я чакаў, што на фестывалі будзе болей украінцаў. Аднак людзі паленавался прыехаць з Кіева, з іншых гарадоў. Верагодна, справа ў тым, што украінскай публіка прызвычаілася да мноства фестываляў з гучнымі лозунгамі. Для таго каб прыцягнуць яе ўвагу, патрэбна шырокая рэкламная кампанія. У той жа час, людзей з Беларусі было вельмі шмат, нават калі параўноўваць з Be2gether, які мае ў наяўнасці куды большы бюджэт і забаўляльную праграму. Магчыма, гэта выклікана тым, што на Be Free гралі некаторыя беларускія гурты, якія рэдка можна пачуць у Беларусі. Іх выступ прывабіў фанатаў. Нягледзячы на невялікую колькасць аховы, на Be Free не было канфліктаў сярод публікі. Увогуле, на фестывалі было на дзіва мала гопнікаў, хоць уваход быў бескаштоўным. Выступаць на Be Free нам спадабалася. Таму, калі ў наступным годзе запросяць яшчэ раз – абавязкова прыедзем!

Вячаслаў Корань, гурт Ulis, адзін з арганізатараў фестывалю:

– Як выступоўца і арганізатар магу зазначыць – сёлетні фэст прайшоў лепей за папярэдні. Большым стала намётавае мястэчка, лепшымі сцэна і апарат, павялічылася каманда людзей, што дапамагалі з фестывалем. Дый атмасфера была адпаведнай вольнаму фестывалю. Цяпер надыйшоў час падлічыць усе “плюсы” і “мінусы” мерапрыемства і спланаваць, што будзе далей. Спадзяюся, аднак, што і будучы фестываль таксама пройдзе ў Чарнігаве.

– Нарэшце мы знайшлі тую пляцоўку, якая спалучыла ў сабе добрую сцэну і намётавае мястэчка паблізу, была ў межах горада, але адначасова знаходзілася ў маляўнічым кутку прыроды. Сёлета па атмасферы Be Free ўрэшце стаўся сапраўдным опэн-эйрам, – распавядае пра фестываль Аляксей Лукашэвіч са “Студфармату”. – У будучым хочацца перавесці адукацыйную праграму фестывалю ў форму летняй школы па правах чалавека, якая прайшла б да пачатку фестывалю, у больш спакойнай атмасферы. Опэн-эйр, такім чынам, стане своеасаблівым вынікам школы.

Не абыйшлося і без смешнага. Як распавёў Аляксей, на трэйцім Be Free да традыцыйных інтэрпрэтацый назвы фестывалю як “Быць свабодным”, “Пчолкі на волі” і “Бульба-фры” дадалося яшчэ Beer Free – “Піва на халяву”. Трапіўшы за сцэну, можна было бескаштоўна выпіць піва разам з музыкамі.

Марыя Садоўская з аргкамітэту Be Free адзначае большую ўвагу ўкраінскай прэсы да сёлятнега фестывалю і большую актыўнасць добраахвотнікаў – валанцёраў.
- Мы адчулі, што нас яшчэ не вельмі ведаюць ва Ўкраіне, але вельмі жадаюць даведацца болей. На фэсце былі акрэдытаваныя дзесяткі журналістаў, якія не стрымліваліся задаваць самыя разнастайныя пытанні пра гісторыю і сучаснасць фестывалю. Цікавасць да фэсту з боку публікі таксама ўзрасла – і не толькі як пасіўных гледачоў канцэртаў, але і як удзельнікаў яго стварэння. Каманда валанцёраў Be Free дапамагла нам у самых розных момантах фэсту, ад рэгістрацыі жыхароў намётавага мястэчка да рассялення музыкаў і развешвання ўказальнікаў дарогі да зусім новай для Чарнігава і беларусаў пляцоўкі.

– Спрэчкі пра мэтазгоднасць фэсту ідуць на працягу ўсіх трох гадоў, як ён ладзіцца, – кажа Віталь Супрановіч, прадстаўнік “БМА”. – Аднак опэн-эйр прайшоў трэці раз, і беларусаў прыязджае з кожным годам усё больш і больш. А гэта значыць, што Be Free будзе жыць. Бо арганізатары – беларусы, і фэст мы робім для беларусаў, у першую чаргу.

Арганізатары выказваюць асаблівую ўдзячнасць за падтрымку мэрыі Чарнігава, у тым ліку намесніцы мэра гораду Аксане Тунік-Фрыз.

P.S. Многім не хапала кашулек з лагатыпам фэсту. У сувязі з гэтым будзе замоўлены дадатковы наклад. Дасылайце замовы на fest.svabody@gmail.com

Дар’я ГАРОШКА
Add to Memories
Tell a Friend
Чарнігаў, 20.08.2008, 20.00. Пляцоўка Фэсту Be Free-2009. У намётавым мястэчку жывуць першыя чатыры чалавекі - валанцёры Be Free. Чакаем на жыхароў намётавага мястэчка ад пятніцы вечару, калі на гэтым пакуль яшчэ пустым полі з'явяцца прыбіральні, пункты гандлю, а сцэна "апранецца" ў гукавую апаратуру.

Праезд да пляцоўкі фэсту ад чыгуначнага вакзалу: тралейбус 1, аўтобус 38 да прыпынку "Палітэхнічны ўніверсітэт". Кошт праезду 1 грыўна. Ад прыстанку ісці да гатэлю "Брянск", каля якога ідзе дарога на пляцоўку фэсту.


scena1

scena2
Add to Memories
Tell a Friend

Найпрасцей патрапіць на пляцоўку фэсту будзе наступным чынам: даехаць (дайсці) да гатэлю "Брянск" - вул. Шаўчэнкі, 103. Ля гатэлю будуць указальнікі шляху да пляцоўкі, а побач з гатэлем платная паркоўка для машын (10 грыўнаў за дзень за легкавую або каля 1 еўра). Шлях ад гатэля да Be Free павольным ходам - ад 10 да 15 хвілін пешшу. Намётавае мястэчка працуе ад другой паловы дня пятніцы 21.08 да раніцы 24.08.

Увага! Для тых, хто жадае больш даведацца пра Чарнігаў, у панядзелак 24.08 у першай палове дня магчымая арганізацыя аўтобуснай экскурсіі з экскурсаводам. Падрабязнасці пра экскурсію - у інфармацыйным пункце фестывалю.

Плата з чалавека за месца ў намётавым гарадку - 30 грыўнаў. Грошы прымаюцца толькі ў грыўнах. Мястэчка зарганізаванае на той жа пляцоўцы, што і сцэна, і будзе асобна агароджвацца і ахоўвацца. Арганізатары будуць рэгістраваць жыхароў мястэчка і выдываць апазнавальныя знакі, па якім можна будзе прайсці на тэрыторыю мястэчка. У кошт уваходзіць ахова мястэчка, умывальнікі, туалеты, гарачая вада.

Для жыхароў намётавага мястэчка клуб "Светофор" дае зніжку ў 10% на боўлінг і інш паслугі клуба і 50% на дыскатэку. Зніжка будзе прадастаўляцца па апазнавальных знаках. Але не забудзьце нагадаць!


Для тых, хто хацеў бы ночыць не на прыродзе, ёсць нумары ў гатэлі "Брянск" - з сантэхнікай на калідоры і сярэдняй цаной на асобу 5 еўра за ноч. ЗАСТАЛОСЯ ТОЛЬКІ ПЯЦЬ МЕСЦАЎ - КАЛІ ЛАСКА, ПІШЫЦЕ НА МЭЙЛ АРГАНІЗАТАРАМ fest.svabody@gmail.com калі жадаеце засяліцца. 

Побач з гатэлем "Брянск" ёсць гатэлі "Профсоюзный" і "Придеснянский". Зняць кватэру на суткі у Чарнігаве - сярэдні кошт - 120-150 грн.

Add to Memories
Tell a Friend
Хочаш атрымаць пуцёўку на Be Free? Толькі ад 14 да 17 жніўня на старонцы euroradio.fm - адмысловая віктарына ад кампаніі "Будзьма беларусамі!" і Еўрарадыё.

Да ўдзелу запрашаюцца ўсе, хто любіць конкурсы і віктарыны!

Скарыстайцеся ўнікальнай магчымасцю патрапіць на фэст Be Free 22-23 жніўня ў Чарнігаў бясплатна! У розыгрышы 5 пакетаў "Be Free for Free": бясплатны даезд і бясплатнае пражыванне ў намётавым гарадку (увага – намёт і спальнік вашыя!), а таксама адмысловыя прызы ад кампаніі “Будзьма беларусамі!”.

Пераможцамі стануць 5 чалавек, якія адкажуць правільна на ўсе пытанні віктарыны. Віктарына будзе дзейнічаць на старонцы http://euroradio.fm ад 9.00 14 жніўня да 14.00 17 жніўня. Шчаслівых пераможцаў абярэ лёсаванне а 15-й гадзіне 17 жніўня.


Пытанні віктарыны і падрабязнасці - на старонцы радыё! 
Add to Memories
Tell a Friend
Poll #1443001 Што вы хочаце ведаць пра правы чалавека?
Open to: All, detailed results viewable to: All, participants: 6

Калі б на "Be Free" Вы маглі даведацца аб правах чалавека больш, то, у першую чаргу, Вы б жадалі ведаць...

View Answers

пра права на свабоду мірных сходаў і асацыяцый
0 (0.0%)

пра правы студэнтаў
2 (33.3%)

пра правы працоўных
0 (0.0%)

пра права на справядлівы судовы разгляд
0 (0.0%)

пра альтэрнатыўную службу у войску
1 (16.7%)

пра арганізацыі, якія могуць дапамагчы ў абароне правоў чалавека
3 (50.0%)

нешта іншае (пакідайце тэму ў каментары)
0 (0.0%)

Add to Memories
Tell a Friend
Дзень 1, 22 жніўня, субота

13.45 - Урачыстае адкрыццё
14.00 - Небо для Себе (Чарнігаў) - спецыяльна запрошаны госць
14.30 - Pipl Plant (Чарнігаў)
15.00 Re1ikt (Гомель)
15.35 B:N: (Бяроза)
16.15 Zatoczka (Магілёў)
16.55 Partyzone (Мінск)
17.40 Scrudg (Чарнігаў)
18.10 Pomidor/OFF (Мінск)
18.55 ZNICH (Мінск)
19.40 - Vladivostok (Францыя)
Не пазней за 21.00 - Ляпис Трубецкой (Мінск)


Дзень 2, 23 жніўня

14.00 - Урачыстае адкрыццё Дня 2.
14.15 - Лена Іванова (Чарнігаў) - спецыяльна запрошаны госць
14.45 - Glofira (Гомель)
15.20 - Hair Peace Salon (Мінск)
15.55 - Tarpach (Мінск)
16.40 - Назад Шляху Немає (Кіеў)
17.10 - LitvinTroll (Мінск)
17.55 Imprudence (Мінск)
18.40  Zero-85 (Польшча)
19.40 ULIS (Мінск)
не пазней за 21.00 - Воплі Відоплясова (Кіеў)
Add to Memories
Tell a Friend
Спадар [info]ahromenka  на просьбу арганізатараў Be Free склаў Кароткі даведнік па Чарнігаве для беларусаў. За што мы яму вельмі дзякуем, а тым, хто хоча даведацца, якія ў Чарнігаве ёсць цікавыя месцы, якія можна было б наведаць у вольны ад фэсту час, раім пачытаць гэты даведнік на старонцы нашага фэсту.
Add to Memories
Tell a Friend

Грошы:

Уваход на ўсе канцэрты фэсту будзе бясплатным. Мы плануем браць невялічкую аплату за месца ў намётавым мястэчку, але яна не перавысіць 3-5 у.е. з чалавека за ўвесь час фестывалю.

Сярэдні курс даляра да грыўны зараз 7,8 грыўны за 1 даляр, еўра - 11 грыўнаў за еўра. Сярэдні кошт абеду ў папулярных сетках хуткага харчавання а-ля "Два Гуся" вагаецца ад 20 да 30 грыўнаў.

Для тых, хто едзе на машынах, ёсць магчымасць платнага паркінгу - каля 200 месцаў недалёка ад гатэля "Брянск".

Пражыванне:

Намётавае мястэчка для публікі будзе зарганізаванае на той жа пляцоўцы, што і сцэна, і будзе асобна агароджвацца і ахоўвацца. Арганізатары будуць рэгістраваць жыхароў мястэчка і выдываць апазнавальныя знакі, па якім можна будзе прайсці на тэрыторыю мястэчка.

Для тых, хто хацеў бы ночыць не на прыродзе, ёсць нумары ў гатэлі "Брянск" - з сантэхнікай на калідоры і сярэдняй цаной на асобу 5 еўра за ноч. Кантакты гатэлю "Брянск" у Сеціве: http://turist.cn.ua/index/0-6  Побач з гатэлем "Брянск" ёсць гатэлі "Профсоюзный" і "Придеснянский".

 

Бяспека:

 Купанне будзе дазволена, але абмежаванае вызначанымі зонамі.

На тэрыторыю фэсту нельга будзе праносіць шкляныя бутэлькі і іншую шкляную тару.

Мы плануем арганізаваць электрычнае асвятленне тэрыторыі намётавага мястэчка, але пераканаўча просім браць з сабой ліхтарыкі.

 

Геаграфія:

Фэст будзе праходзіць на беразе Дзясны на тэрыторыі, якая абмежаваная з аднаго боку гатэлямі "Брянск", "Профсоюзный" і "Придеснянский" (10 мін. хады да пляцоўкі), з другога, гарадскім паркам ("Горсад", таксама 10 мін. хады). На мапе гэта выглядае прыблізна так:

http://picasaweb.google.com/lh/photo/7iRDfZGiV8p2JgYhGrSpcQ?feat=directlink

(Але мы пастараемся даць вам яшчэ болей падрабязную мапу ;))

Даехаць да фэсту сваім транспартам можна будзе толькі да гатэля "Брянск", пасля чаго трэба будзе ісці пешкі. Усе альтэрнатыўныя праезды да фэсту будуць выключна для арганізатараў і тэхнікаў, бо яны не заасфальтаваныя і не вытрымаюць надта вялікай нагрузкі.

Даезд з Менску:

Пачынаем прыём заявак на даезд аўтобусам з Менску! Калі ласка, званіце Віталю на нумар +375 29 649 0888 або пішыце на fest.svabody@gmail.com з указаннем кантактных дадзеных!

Валанцёры:

Нам вельмі патрэбныя валанцёры для арганізацыі жыцця намётавага мястэчка, працы ў інфармацыйным пункце і іншых арганізацыйных пытаннях фэсту! Калі вы можаце нам дапамагчы, дасылайце лісты з кантактнай інфармацыяй на адрас fest.svabody@gmail.com!



 Па меры паступлення новай інфармацыі будзем дзяліцца ёю тут і на афіцыйнай старонцы фэсту!

Add to Memories
Tell a Friend
Па стане на 29 ліпеня ў фестывалі Be Free прымуць удзел наступныя гурты:

22 жніўня, субота

Re1ikt
B:N
ZATOCZKA
Partyzone
Pomidor/OFF
Znich
Vladivostok (Францыя)
Ляпис Трубецкой

23 жніўня, нядзеля

Glofira
Tarpach
Hair Peace Salon
LitvinTroll
Imprudence
Zero-85 (Польшча)
ULIS
Воплi Вiдоплясова (Украіна)

Спіс будзе дапоўнены ў бліжэйшыя дні дадатковымі ўдзельнікамі фэсту з Украіны. Арганізатары пакідаюць сабой правы на змены ў праграме фэсту.

Інфармацыя пра фэст на старонцы http://festsvabody.org
Add to Memories
Tell a Friend
http://festsvabody.org/be/fest/ - тут з'явіліся "апгрэйджаныя" банеры фэсту і коды да іх. Калі ласка, калі вам неабыякавы наш фэст - распаўсюдзьце гэтыя банеры як мага шырэй :-)) 

Дзякуем!



BeFree-2009. 22-23 жніўня. Чарнігаў BeFree-2009. 22-23 жніўня. Чарнігаў
profile
Міжнародны рок-фэст "Be Free"
Name: Міжнародны рок-фэст "Be Free"
calendar
Back September 2009
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
27282930
page summary
tags

    Advertisement

    Customize